Беларуская Служба

Расія правяла масіраваны абстрэл Украіны з выкарыстаннем 550 беспілотнікаў і ракет

04.07.2025 08:50
Украінская абарона збіла агулам каля 478 з іх, паведамілі Ваенна-паветраныя сілы Украіны.
           ,
Украінскія вайскоўцы з мабільнай групы па барацьбе з беспілотнікамі абстралялі расійскі беспілотнік, які ляцеў у бок ХаркаваEPA/SERGEY KOZLOV Dostawca: PAP/EPA.

У ноч з чацвярга на пятніцу расійскія войскі атакавалі Украіну з выкарыстаннем 550 беспілотнікаў і ракет.  Галоўнай мэтай масіраванага абстрэлу быў Кіеў.

Для нападу на Украіну Расія выкарыстала 539 ударных беспілотнікаў тыпу «Шахед» і беспілотнікі-прыманкі розных тыпаў, адну аэрабалістычную ракету Х-47М2 «Кінжал», шэсць балістычных ракет «Іскандэр М/КН-23» і чатыры крылатыя ракеты «Іскандэр-К».

Асноўным напрамкам удару была сталіца Украіны. У адбіцці атакі ўдзельнічалі ВПС, ракетныя войскі СПА, падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы і беспілотных сістэм, а таксама мабільныя агнявыя групы Арміі абароны Украіны.

Паводле папярэдніх дадзеных, было нейтралізавана 478 аб'ектаў праціўніка. Было збіта 268 беспілотнікаў «Шахед» і іншых тыпаў беспілотнікаў, а таксама з дапамогай сродкаў радыёэлектроннай барацьбы — нейтралізавана 208 беспілотнікаў. Таксама былі збітыя дзве ракеты «Іскандэр-К».

У васьмі месцах зафіксавана трапленне дзевяці ракет і 63 варожых беспілотнікаў, а ў 33 месцах упалі збітыя аб'екты (аскепкі).

У пятніцу мясцовыя ўлады паведамілі, што ў выніку масіраваных расійскіх авіяўдараў па Кіеве пацярпелі не менш за 23 чалавекі. Таксама пашкоджана чыгуначная інфраструктура і жылыя будынкі. Больш за 450 ратавальнікаў і каля 100 адзінак тэхнікі Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях (ДСНС) пачалі ліквідаваць наступствы абстрэлаў у розных раёнах горада.

ПР/юл